Слова «дэтэктыў» у перакладзе з лацінскага (detectio) азначае ‘раскрыццё’. Згодна слоўніку С. Ожагава дэтэктыў – гэта спецыяліст па расследаванні крымінальных злачынстваў; літаратурны твор або фільм, у якім раскрываюцца заблытаныя злачынствы. Зразумела, бадай што ўсе гэта ведаюць. І калі папрасіць каго прыгадаць вядомых аўтараў дэтэктыўнага жанру, ён тут жа агучыць імёны Э. По, А. Крысці, А.К. Дойла. Сярод герояў тут жа назаве Шэрлака Холмса і Эркюля Пуаро. А ці ёсць падобныя постаці ў беларускай літаратуры? Зразумела!

Самы вядомы дэтэктыўны твор на беларускай мове – гістарычная аповесць У. Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Падзеі ў ёй адбываюцца восенню 1888 года. Арганізаваная група прывідаў на загадкавых дрыкгантах наводзіць жах на мясцовых жыхароў і адным сваім з’яўленнем прарочыць хуткую пагібель маладой гаспадыні Балотных Ялін. Акрамя Дзікага палявання, беднай Надзеі Яноўскай не даюць спакою іншыя прадвеснікі смерці – Малы Чалавек і Блакітная Жанчына.

Дарэчы, менавіта У. Караткевіч лічыцца заснавальнікам беларускага дэтэктыва. А міліцэйскі дэтэктыў першым стварыў М. Чаргінец. Дарэчы, генерал-маёр міліцыі і выпускнік юрыдычнага факультэта БДУ. Чаргінец – аўтар больш за 50 кніг. Многія з іх перакладзены на 15 моў свету.

В. Быкаў, мэтр беларускай літаратуры, нават напісаў прадмову да рамана «Вам – заданне», што рабіў даволі рэдка. Героі твора – тры супрацоўнікі міліцыі. Яны прайшлі франтавую разведку, у гады вайны былі ў партызанскім атрадзе, у паслеваенны час змагаліся з бандытызмам.

У прыгодніцка-дэтэктыўным рамане В. Праўдзіна «Вяртанне з апраметнай» жыццё вымушае галоўнага героя прайсці сем колаў пекла: трапіць на ўласнае пахаванне, разблытаць пакручастую інтрыгу, дзе спляліся каханне і палітыка, сяброўства і грошы, мінулае і будучыня. Разгадкі беларускіх таямніц ён знаходзіць… за акіянам. Між іншым, аўтар рамана – былы супрацоўнік праваахоўных органаў.

Думаеце, у Беларусі няма свайго трылера? Памыляецеся! Лепшы доказ – аповесць М. Адамчыка і М. Клімковіча «Каханка д’ябла, або Карона Вітаўта Вялікага». Як можна здагадацца па назве, ўсе падзеі адбываюцца вакол кароны славутага князя, які збіраўся каранавацца ў 1429 годзе. Пошукі выкрадзенай д’яблам рэліквіі ўплываюць на паводзіны амаль усіх герояў. Для кагосьці яна сродак атрымаць грошы, для кагосьці – магчымасць адрадзіць былую веліч радзімы ці адпомсціць забойцам брата. Цікава, што М. Клімковіч – унук аўтара слоў беларускага гімна.

Не засталіся ў баку дэтэктыўнага жанра і жанчыны. Каго цікавіць жаночая проза, з задавальненнем пазнаёміцца з гістарычным дэтэктывам Л. Рублеўскай «Пярсцёнак апошняга імператара». Колькі таямнічага, жудаснага і рамантычнага можна сустрэць у сутарэннях часу! Напрыклад, даведацца, чаму напрыканцы XIX стагоддзя забілі Вінцэся Рашчынскага – былога паўстанца і паплечніка Кастуся Каліноўскага; якія сакрэты захоўвае каменная рапуха з надмагілля; ці магчыма, каб пяць студэнтаў стварылі Каралеўства Беларусь. А яшчэ сустрэцца з прывідам мінскіх Кальварыйскіх могілак.

У аснову дэтэктыўнага рамана А. Рэзановіча «Паляўнічы за мастацтвам» («Охотник за искусством») легла рэальная гісторыя, звязаная са скарбам – залатымі ўпрыгожваннямі скіфаў, прывезенымі адным з журналістаў у Мінск. Пасля вяртання дамоў галоўны герой рамана стаў адчуваць на сабе праклён правадыра скіфаў. Пакутлівая ўнутраная барацьба вымушае журналіста прадаць скарб і назаўжды адмовіцца ад яго пошуку – як высветлілася, вельмі небяспечнага занятка.

В.Тарасевіч, як і А. Рэзановіч, піша на рускай мове. У аснове большасці яго вострасюжэтных дэтэктываў – расследаванні, якія нязменна прысвечаны якомусьці артэфакту. Дарэчы, па серыі кніг з галоўнымі героямі – пісьменніцай і журналісткай Лікай Ўронскай і яе сябрам, прафесарам крыміналістыкі Уладзімірам Сядовым – Белтэлерадыёкампанія зняла тэлесерыял «Пацалунак Сакрата».

Трылогію дэтэктыўнага характару «Расійскі трылер» падарыў беларускай літаратуры доктар юрыдычных навук С. Трахімёнак. Падзеі гэтага твора расцягнуліся амаль на стагоддзе – з 1920-х гадоў да постперабудовачнага часу. Для супрацоўнікаў міліцыі Аляксандра Краеўскага і Паўла Каржа справядлівасць – тая ж рэлігія, фанатычная адданасць справе – галоўная зброя ў барацьбе са злачынцамі. Можа, таму героі заўсёды і перамагаюць – нават не маючы ніякіх шанцаў на поспех.

Як бачыце, беларуская літаратура інтэнсіўна развіваецца, дэтэктыўны жанр відазмяняецца: тут ёсць месца і гісторыі, і крыміналу, і палітыцы. Некаторыя аўтары прытрымліваюцца стылю У. Караткевіча, выкарыстоўваючы багатую беларускую спадчыну. Нехта ідзе сваім шляхам. А чытач можа выбіраць лепшае, зыходзячы са свайго густу.