Штогод Мінюст па выніках творчага конкурсу на прыз імя Уладзіміра Данілавіча Спасовiча, выдатнага беларускага юрыста, публіцыста, літаратуразнаўцы, узнагароджвае юрыстаў, журналістаў, медыятараў, студэнтаў, якія вывучаюць права, аўтарскія калектывы і СМІ за лепшыя інфармацыйныя матэрыялы прававой тэматыкі.
Ужо ў 14-ы раз  лепшыя майстры сучаснага слова аб праве атрымалі прызы і дыпломы. Адбылося гэта 25 мая 2018 г. Суарганізатарамі конкурсу сталі Беларуская натарыяльная палата, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў, РУП «БелЮрЗабеспячэнне», ТАА «ЮрСпектар».

Урачыстая цырымонія сабрала гасцей, прызёраў і дыпламантаў конкурсу ў старадаўнім гістарычным будынку мiнскай сядзібы славутага беларускага шляхецкага роду Ваньковічаў. Дзякуючы гэтаму атмасфера мерапрыемства была прасякнута духам беларускай гісторыі, музыкі, мастацтва і слова ХІХ ст. – эпохi выдатных асоб Беларусi, высокіх ідэй, яркіх талентаў і геніяў. Такім чынам незвычайнае месца правядзення звязала сучаснасць
з традыцыямі, а традыцыі – з сучаснасцю, у якой таксама ёсць свае яркія асобы i высокія прафесіяналы.

Адкрыў цырымонію Міністр юстыцыі А.Л. Сліжэўскi. З прывітальным словам выступіў намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта У.Р. Жаўняк.

Усяго ў гэтым годзе на конкурс паступіла больш за 120 заявак па 11 намінацыях. Сярод іх была i новая – «Медыяцыя».

Пераможцам у намінацыі «Суд» стала Т.В. Унукевіч, суддзя Мінскага гарадскога суда.

У намінацыі «Пракуратура» лепшым стаў калектыў аўтараў дапаможнiка «Пытанні крымінальнага права і працэса
ў практыцы апратэставання судовых рашэнняў па крымінальных справах»
у складзе: Я.У. Парамонавай,
Ю.У. Харчэйкинай, У.Л. Турко
пад агульнай рэдакцыяй Генеральнага пракурора А.У. Канюка.

Легенда айчыннай юрыспрудэнцыі У.Д. Спасовіч лічыў, што менавіта «тэорыя доказаў з’яўляецца галоўнай у сістэме судаводства і складае аснову ўсяго крымінальнага працэса, яго самую істотную частку, якая абумоўлівае формы судаводства і канструкцыю судовых органаў». Судовыя прамовы самога Спасовіча адрозніваліся тонкім аналізам абставінаў справы і асобы абвінавачанага, майстэрскай распрацоўкай доказаў.

У намінацыі «Следства» прыз атрымаў аўтарскі калектыў рэдакцыі навукова-практычнага часопіса Следчага камітэта «Папярэдняе расследаванне» пад рэдакцыяй палкоўніка юстыцыі Г.В. Суздалевай, старшага следчага па асабліва важных справах упраўлення аналiзу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата Следчага камітэта, і кандыдата юрыдычных навук падпалкоўніка юстыцыі Ю.Ф. Камянецкага, следчага па асабліва важных справах упраўлення аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата Следчага камітэта.

Вялікі князь Жыгімонт Аўгуст 30 лістапада 1551 г. упершыню ў Беларусі заканадаўча замацаваў ў Літоўскай метрыцы функцыі і назву судовага выканаўцы – прысяжнага «віжа».

Дыплом ў намінацыі «Выканаўчая справа» журы прысудзіла С.П. Канапельку, начальніку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, а перамогу ў гэтай намінацыі аддала аўтарскаму калектыву друкаванага выдання «Станаўленне і развіццё прафесіі судовага выканаўцы на беларускіх землях» (складальнікі Л.М. Макаранка, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання, начальнік ўпраўлення прававога забеспячэння Мінюста, i Т.У. Стараверава, намеснік начальніка ўпраўлення прававога забеспячэння Мінюста). 

Гэта кніга стваралася пры ўдзеле ТАА «ЮрСпектар» і выдавецтва рэдакцыі часопіса «Прамыслова-гандлёвае ПРАВА». Яна выйшла ў свет у выдатным паліграфічным выкананні, багата ілюстраваная архіўнымі і сучаснымі матэрыяламі. Прэзентацыя кнігі для юрыдычнай грамадскасці адбылася ў рамках урачыстасцi.

У.Д. Спасовіча ў свой час называлі каралём адвакатуры. У прамовах на судах ён быў не толькі абаронцам, але і мысліцелем, маралістам у лепшым сэнсе гэтага слова. Адвакацкая натура і асоба У.Д. Спасовіча сталі настолькі сімвалічнымі, што ён застаўся ў літаратуры як правобраз абаронцы Міці Карамазава ў вядомым рамане Ф. Дастаеўскага.

Дыпломам ў намінацыі «Адвакатура» ўзнагародзілі В.М. Гермянчук, адваката Мiнскай абласной спецыялізаванай юрыдычнай кансультацыі, а прызам у гэтай намінацыі – В.В. Чарапiцу, старшыню Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў.

Дыплом у намінацыі «Натарыят» па праву дастаўся I.I. Саўко, загадчыку натарыяльнай канторы Ваўкавыскага раёна Гродзенскай абласной натарыяльнай палаты, а прыз – В.А. Траццяк, метадысту аддзела па распрацоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў і вучэбна-метадычнай рабоце Беларускай натарыяльнай палаты.

Важная справа – вывучэнне права, яго гісторыі і ўсіх аспектаў у сучаснасці. Таму не дзіўна, што намінацыя
«Навука і права» стала самай папулярнай у гэтым годзе. Па выніках конкурсу больш за ўсё пераможцаў аказалася менавіта ў ёй. Дыпломы атрымалі:

А.У. Лаеўская, дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры грамадзянскага права БДУ, вядучы супрацоўнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПД;

– падпалкоўнік юстыцыі Ю.Ф. Камянецкi, кандыдат юрыдычных навук, следчы па асабліва важных справах упраўлення аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата Следчага камітэта;

У.П. Шыянок, прафесар, доктар юрыдычных навук, галоўны навуковы супрацоўнік цэнтра сучасных тэхналогій НДІ працоўных і сацыяльных адносін Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО»;

М.В. Мяшчанава, дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, загадчык кафедры грамадзянскага права БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПД;

У.М. Ківель, прафесар кафедры працоўнага i гаспадарчага права Міжнароднага ўніверсітэта «МІТСО»;

К.Л. Тамашэўскi, прафесар кафедры працоўнага i гаспадарчага права Міжнароднага універсітэта «МІТСО»;

В.А. Бакіноўская, дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, начальнік аддзела даследаванняў у галіне грамадзянскага, экалагічнага і сацыяльнага права Інстытута прававых даследаванняў НЦЗПД;

аўтарскi калектыў манаграфіі «Тэарэтыка-прыкладныя аспекты ўдасканалення грамадзянскага заканадаўства з улікам сучасных інтэграцыйных працэсаў».

Пераможцамi ў намінацыі «Навука і права» сталi:

I.С. Шахрай, дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры экалагічнага і аграрнага права БДУ;

Н.А. Шынгель, дацэнт, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт кафедры экалагічнага і аграрнага права БДУ;

С.Р. Васілевіч, старшы пракурор аддзела па нагляду за выкананнем заканадаўства ў сферы эканомікі Генеральнай пракуратуры;

аўтарскi калектыў навучальнага дапаможніка «Міжнародны камерцыйны арбітраж» у складзе А.I. Анiшчанкi,
А.С. Данiлевiча, У.П. Скобелева, Ц.В. Сысуева, Я.I. Функа, А.Ф. Храпуцкага
.

Дыпломамі ў намінацыі «Гаспадарка і права» адзначылі:

Э.Л. Караля, дацэнта, кандыдата юрыдычных навук, суддзю эканамічнага суда Гродзенскай вобласці;

Р.С. Юрчак, суддзю эканамічнага суда Гродзенскай вобласці;

Н.В. Каралёву, магістра права, адваката адвакацкага бюро «Сысуеў, Бондар, Храпуцкі СБХ» Мінскай абласной калегіі адвакатаў;

С.I. Марчук, суддзю эканамічнага суда г. Мінска.

Пераможцам у гэтай намінацыі стаў Д.В. Алейнікаў, адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць індывідуальна.

У дэбютнай намінацыі «Медыяцыя» дыпломы ўручылі:

К.М. Гамзуновай, адвакату Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, які ажыццяўляе адвакацкую дзейнасць індывідуальна, медыятару;

аўтарскаму калектыву вучэбна-практычнай установы «Цэнтр медыяцыі і перамоваў»;

Г.А. Жураўлёвай, адвакату юрыдычнай кансультацыі Савецкага раёна г. Гомеля Гомельскай абласной калегіі адвакатаў, медыятару;

Н.А. Тарасавай, адвакату Гомельскай абласной калегіі адвакатаў, партнеру адвакацкага бюро «Прававое крэда», медыятару.

Пераможцам у гэтай намінацыі стаў аўтарскi калектыў манаграфіі «Перспектыўнае развіццё інстытута медыяцыі
ў праве Рэспублікі Беларусь»
(пад рэдакцыяй Т.С. Таранавай, прафесара, доктара юрыдычных навук, загадчыка кафедры грамадзянска-прававых дысцыплін БДЭУ).

Дыпломы у намінацыі «Права і журналістыка» заваявалі:

Г.М. Курыловіч, галоўны рэдактар КУП «Рэдакцыя Бярозаўскай раённай газеты «МАЯК»»;

аўтарскі калектыў РУП «Аб’яднаная рэдакцыя МУС Рэспублікі Беларусь» у асобе начальнiка прадпрыемства, палкоўніка міліцыі А.Б. Траяноўскага.

Перамогу у гэтай намінацыі прысудзілі С.I. Васілеўскай, карэспандэнту аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі БелТА.

У намінацыі «Студэнцкая навука» дыпломы атрымалі:

Э.В. Скшыдлеўская, студэнт 4-га курса юрыдычнага факультэта БДУ;

А.М. Прылепава, спецыяліст па прававой рабоце Віцебскай абласной натарыяльнай палаты, студэнт 3-га курса юрыдычнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пераможцам у гэтай намінацыі стала М.С. Мішакова, магістар юрыдычных навук, выкладчык Юрыдычнага коледжа БДУ, малодшы юрыст ЗТАА «ПрайсвотэрхаусКуперс».

Усім пераможцам конкурсу уручаны прызы – бронзавыя статуэткi, якiя ўвасабляюць законнасць і літаратурны талент, накіраваны на яе ўмацаванне.

Адзначым, што шэраг узнагароджаных сёлета аўтараў публікаваліся ў часопісе «Прамыслова-гандлёвае ПРАВА»,
ДПС «КансультантПлюс» i IПС ilex. Іх матэрыялы звычайна ўзнімалі вострыя дыскусійныя тэмы і выклікалі жывую рэакцыю чытачоў. Таму мы спадзяемся на далейшае плённае супрацоўніцтва.

ТАА «ЮрСпектар» і рэдакцыя часопіса «Прамыслова-гандлёвае ПРАВА» шчыра віншуюць прызёраў і дыпламантаў конкурсу, жадаюць усім яго ўдзельнікам творчага натхнення і новых ідэй.

Агляд мерапрыемства падрыхтавала рэдакцыя часопіса «Прамыслова-гандлёвае ПРАВА»